І. С. Мяцеліца Малодшы навуковы супрацоўнік,
ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры,
мовы і літаратуры НАН Беларусі”,
Мінск, Беларусь
У пэўныя перыяды гісторыі сусветнай літаратуры рыфма з’яўлялася абавязковым складнікам паэтычнай мовы і доўгі час лічылася нават “сінонімам верша” [5, с. 303]. Для беларускага вершаскладання рыфма цягам не аднаго стагоддзя характэрна ў высокай ступені. Пра гэта сведчаць і шматлікія ўзоры вуснай народнай творчасці (рыфмаваныя загадкі, прымаўкі, замовы і г.д.), і ўстойлівая яе папулярнасць у літаратурных творцаў – бясспрэчна, на сённяшні дзень абсалютная большасць класічнай беларускай паэзіі напісана з выкарыстаннем самых розных відаў рыфмаў. Пачатак ХХІ стагоддзя як чарговы ўмоўны пункт адліку быў адзначаны абнаўленнем зместу паэзіі і прадказальна прывёў да заўважных зрухаў у галіне яе формы. Калі змены ў зместавым плане адчувальныя ў творчасці сучасных пісьменнікаў розных пакаленняў, то фармальнае наватарства, як вынікае з паэтычнага матэрыялу апошняга дзесяцігоддзя, у большай ступені характарызуе творы паэтаў новай генерацыі. Сталыя аўтары, што здабылі пісьменніцкае прызнанне яшчэ ў папярэднім стагоддзі, досыць традыцыйныя ў пытаннях, якія датычацца формы верша. Гэта можна патлумачыць наступнымі прычынамі: а) гучнае, “напрацаванае” пісьменніцкае імя ў значна меншай ступені вымагае любога наватарства як спосабу “атрымаць” новага чытача, у той час, як адносныя пачаткоўцы яшчэ не маюць рэзерву чытацкага даверу; б) выпрацаванасць і адшліфаванасць стылю трымае пісьменнікаў у межах нацыянальнага і ўласнага рыфмарыя часоў іх паэтычнага станаўлення; в) узроставая, светапоглядная, інтэлектуальная адпаведнасць вялікай часткі чытацага кола дазваляе паэтам заставацца ў прывычных умовах творчасці, не імкнучыся да эксперыментаў, якія з вялікай доляй верагоднасці могуць быць не апраўданы.
Супрацьстаянне паэтычнай традыцыі новым павевам з гумарам паказаў у вершы “Лебядзіная песня рэаліста” В. Жыбуль: “Як чытаем верш без рыфмы – / бы наскокваем на рыф мы, // Трохі менш у вершах ям бы! / Значна лепш харэі, ямбы…” [2, с. 56]. Беларуская паэзія пачатку ХХІ стагоддзя да гэтага часу захавала разгалінаваную сістэму папулярных лірычных жанраў, большасць з якіх прадугледжвае наяўнасць рыфмы (лірычны верш, паэма, балада і г.д.). Яны вымагаюць ад аўтараў у рознай ступені прытрымлівацца пэўных жанравых канонаў, у прыватнасці, захоўваць канцавое сугучча радкоў. Такая ўстойлівая папулярнасць рыфмаванай паэзіі патрабуе пастаяннага ўзбагачэння беларускага рыфмарыя. Разгледзім такія шляхі абнаўлення нацыянальнага корпусу рыфмаў, як стварэнне новых рыфмовых камбінацый і актуалізацыя банальных рыфмаў.
Пошук свежых рыфмовых пар, як правіла, адбываецца ў межах магчымасцей беларускай літаратурнай мовы (“А я стаў малым прадпрыемствам / па вырабе калыханак, / дзе Вам традыцыйна “выкаю”, / хоць Музе хутка прыесца: / маленькае прадпрыемства / становіцца завялікае” (А. Хадановіч “Ну як выправа й прыезд Вам?”); “Вяртаюся… зацяты, як і да / таго, калі я выехаў з Краіны, / дзе летам адключаецца вада / і жабракі ў дварах, як бедуіны” (С. Адамовіч, “Вяртаюся… ”), а таксама шляхам уключэння ў рыфмовыя пары слэнгавых ці жаргонных слоў і выразаў (“А паэтаў вабіць прастора. / Паэты бягуць за Пегасамі. / Яны мараць, каб нехта іхныя творы / Прачытаў і сказаў: «Ні фіга сабе!»” (В. Жыбуль, “Таму, хто народжаны лётаць”); “Тэма патрытызму раскрытая на сто адсоткаў / у дыялогу: “Ацтойны раён”. – “Я жыву там”. / Гэты няблізкі свет, бо сюды не даходзіць сотка, / затое паветра апоўначы пахне кунжутам <…>” (М. Мартысевіч, “Expobel mon amour”)). Яшчэ адзін спосаб здзівіць чытача – выкарыстанне ламанай рыфмы, якая стварае сугучча за кошт рыфмавання канцавой часткі аднаго слова з унутранай часткай другога. У трэцім выданні “Паэтычнага слоўніка” В. Рагойшы, датаваным 2004 годам, пра ламаную рыфму чытаем: “Сустракаецца, праўда, вельмі рэдка, звычайна як эксперымент, і т.зв. ламаная рыфма, якая «разломвае», дзеліць словы на часткі” [5, с. 306]. Сёння ж такі від рыфмы яшчэ мае адценне эксперыменту, але ў паэтычных тэкстах маладых творцаў сустракаецца досыць рэгулярна. Графічна такая з’ява афармляецца дзякуючы складоваму пераносу: “Прыходзь да мяне ўвечары, / Мы будзем запальваць свечы, ры- / ззё ападзе з плеч маіх, / і ў рытмах уласных вершаў, мо, / ты будзеш – які ўжо раз! – першы мой” [4, с. 21]; “Тады свабоды свята / святлом сагрэе нас. / Мастацтва едзе ў хату, / мастацтва дзеля мас- / тацтва дзеля дзіва <…>” [3, с. 40], “я не мастак і ў геаметрыі слабей- / шы, чым дзесяцікласнік. / алоўкам-промнем вымалёўваю цябе – / шчасце” [1, с. 61], “лісты Вам шлю, лісты-Вам-шлю-лі- / сты-Вам-шлю-лі… люлі… люлі…” [7, с. 14].
Разам з выкарыстаннем магчымасцей роднай мовы сучасныя беларускія аўтары звяртаюцца да такога спосабу ўзбагачэння варыянтнасці рыфмовых пар, як уключэнне ў мастацкі тэкст лексікі іншамоўнага паходжання (Н. Казапалянская, В. Жуковіч, В. Бурлак, В. Жыбуль, В. Пачкоўская, М. Мартысевіч, А. Хадановіч і інш.). Сёння, у час татальнай глабалізацыі, яе выкарыстанне ў паэтычнай мове стала асабліва заўважным. Гэтаму спрыяюць розныя фактары: страта замежнай лексікай ідэалагічнай афарбоўкі, пашырэнне кола распаўсюджання і сфер яе ўжывання, якаснае павышэнне ўзроўню валодання замежнымі мовамі. У імкненні пазбегнуць папулярных, збітых пар рыфмаўтваральных слоў, творцы звяртаюцца да формулы беларускае слова (-ы) – іншамоўнае слова (-ы). Трапляючы ў слоўнік канкрэтнага аўтара, іншамоўная лексічная адзінка ўключаецца ва ўсе цыклы творчага працэсу і можа заняць у выніку месца любога складніка верша, у тым ліку і стаць рыфмаўтваральным словам (-і). Канцавая пазіцыя аўтаматычна ўключае яго ў рыфмовую сістэму верша і стварае ўражанне навізны і свежасці за кошт нечаканасці аўтарскага выбару для чытача. Так, у межах толькі аднаго паэтычнага зборніка Т. Сівец сустракаем больш за дзесяць варыяцый апісанай рыфмы: “Свабода!!!/ / Я іду адна / На пляц “la Liberte” – / Ты прыпадаеш да віна, / Бы да зямлі Антэй” [6, с. 4]; “Нібы ў шашор, у холад Вашых рук, / Застуджаная словам і маўчаннем, – / Мне аддаваць хацелася адчайна, / А я бяру…Чаму?.. Pourquoi?.. Warum?..” [6, с. 53]; “Ты ніколі мяне не кахаў. / (Не ашуквайся, бедны мой Ёрык!) / Стане попелам з Campo dei Fiori / Абяцанняў сухая луска…” [6, с. 59]; “Я схаваюся ў сеціве сноў, / Гэтым гета самотных вар’ятаў… / – Гер Наглядчык, як трапіць за краты? / – I don’t know!..” [6, с. 59]; “Было: паштоўкамі на e-mail / ты слаў мне пароль: I love you! / Адказ: 2 (таксама) :) (усмешка) L (Л)! / (Кахаю цябе, мой слаўны!)” [6, с. 71] і інш.
Яшчэ адзін шлях абнаўлення беларускага рыфмарыя – частковая актуалізацыя рыфмаў, якія страцілі навізну і перайшлі ў лік банальных. Часцей за ўсё гэта адбываецца за кошт замены аднаго з рыфмаўтваральных слоў. Так, напрыклад, для чытача досыць прадказальны наступны рыфмовы рад неба – трэба – хлеба – глеба. Адразу тры з названых формаў у свой час у межах верша “Хрэст на свабоду” ўжыла Цётка (“На усходзе красна неба. / Нас не дзівіць – так і трэба! / Кроў ракамі льецца ў мора, / Салдат гіне там ад гора / Без кашулі і без хлеба. / Нас не дзівіць – так і трэба!”), варыяцыі знаходзім у Я. Купалы (“Чаго нам трэба?”), Я. Коласа (“Месяц”), М. Стральцова (“У зелянковых фарбах неба”), А. Куляшова (“Калі з зямлі на белай хмары ў неба…”), Я. Янішчыц (“Ні на міг, ні на век – не твая…”) і іншых выдатных паэтаў ХХ стагоддзя. Тая ж сітуацыя прасочваецца з радамі лёс – слёз – бяроз – нябёс, сонца – аконца – бясконца, век – чалавек, вочы – ночы, вершы – першы, вусны – спакусны і г.д. Для сучаснага названым класікам чытача такія рыфмаўтваральныя пары былі цалкам прыймальнымі, сёння ж, страціўшы навізну, яны перайшлі ў лік банальных, але дагэтуль выкарыстоўваюцца многімі аўтарамі. Насупраць, у тым выпадку, калі паэт замяняе ў рыфме названага тыпу адно з парных слоў на менш прадказальнае, ён “адрывае” слова ад яго традыцыйнай пары, ствараючы новую, непрадказальную для чытача рыфму (ночы – воўчы, лёсы – кросны, трэба – трэбы, вусны – Зюскінд). Так, у зборніку вершаў Н. Кудасавай “Рыбы” сустракаем на месцы прадказальнай рыфмы да слова вершы такія варыянты рыфмовай пары: вершы (-амі, -ах, -аў) – завершыць – кунежыць – усмешку – падснежнік – лепшых. Не кожны прапанаваны аўтарам варыянт падаецца бездакорным, аднак ні адзін (хіба толькі за выключэннем рыфмы вершы – лепшы) з іх не адпавядае рыфмоваму чаканню чытача. З гэтых і папярэдніх прыкладаў відавоча, што ў імкненні да арыгінальнасці ў многіх аўтараў заўважна тэндэнцыя да рыфмаў, якія часта “трымаюцца” на адным-двух гуках і не ў поўнай меры выяўляюць прывычную ступень сугучча, але за кошт часовай свежасці, удалага выбару рыфмоўкі і суседства з іншымі рыфмамі не ўспрымаюцца як бедныя. І гэта датычыцца не толькі сітуацыі “ратавання” відавочна банальных рыфмаў. У вершах апошняга дзесяцігоддзя назіраецца свядомы адыход ад багатай рыфмы (нават пры ўмове яе адноснай свежасці) у бок недакладнай (часцей апорнай і ўсечанай). Звернемся, напрыклад, да наступнаых радкоў: “хочаш вершаў – / вось табе вершы / гной і боль з незагойных ранаў / нібы гештальты яшчэ не завершаныя / пакуль не завершаваныя // нібы цвікі яшчэ не забітыя / пакуль забітае не зарымаванае / нібы ты прагнеш застацца ў літарах / абы не застацца каханым // а я не хачу каб усё пустое / знерухомела ў слоіках з фармалінам / няхай у зямлю абернецца тое / што і так з гліны” [4, с. 34]. З шасці рыфмовых пар пяць – апорныя. У вершы ж “Правадніца ахоўвае таямніцы” (рыфмуюцца словы таямніцы – паліцы, сустракаў – рака; рэек – веек, рабра – прабраць; плацкартны – карты, палях – караля; кіламетры – ветрам, правін – свінг; залатое – тое, ўнісон – у сон) багатыя рыфмы спалучаюцца з усечанымі і апорнымі (у прадстаўнікоў старэйшага пакалення хутчэй можна гаварыць пра перавагу багатай, але прадказальнай рыфмы).
Такім чынам, у сучаснай беларускай лірыцы рыфма па-ранейшаму застаецца важным сродкам арганізацыі паэтычнага тэксту. Нацыянальны рыфмарый абнаўляецца двума асноўнымі спосабамі: за кошт стварэння новых рыфмовых пар (сродкамі беларускай літаратурнай мовы, шляхам уключэння ў рыфмовыя пары слэнгавых ці жаргонных слоў і выразаў, уключэннем у мастацкі тэкст лексікі іншамоўнага паходжання) і дзякуючы частковай актуалізацыі рыфмаў, якія страцілі навізну і перайшлі ў лік банальных (за кошт замены аднаго з рыфмаўтваральных слоў і адыходжання ад багатай рыфмы).
Бібліяграфічны спіс
1. Емяльянаў-Шыловіч А. Парасонечнасць. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – 67 с.
2. Жыбуль В., В. Бурлак В. Забі ў сабе Сакрата! – Мінск : Галіяфы, 2008. – 95 с.
3. Івашчанка А. Вершnick. – Мінск : Беллітфонд, 2006. – 92 с.
4. Нядбай Т. Сірэны спяваюць джаз. – Варшава : Полацкія лабірынты, 2014. – 48 с.
5. Рагойша В. Паэтычны слоўнік. Выданне трэцяе. – Выд. 3-е. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
6. Сівец Т. Таму, хто знойдзе… (Каханне ды іншыя казкі) : вершы, проза, п’есы, пераклады. – Мінск : І. П. Логвінаў, 2008. – 184 с.
Хадановіч А. Сто лі100ў на tut.by. – Мінск : Логвінаў, 2007. – 135 с.
Уважаемые авторы! Кроме избранных статей в разделе "Избранные публикации" Вы можете ознакомиться с полным архивом публикаций в формате PDF за предыдущие годы.