Каталог статей из сборников научных конференций и научных журналов- Раман В. Казько “Бунт незапатрабаванага праху”: праблема экзістэнцыяльна закінутага чалавека

К-11.07.18
07.11-08.11.2018

Раман В. Казько “Бунт незапатрабаванага праху”: праблема экзістэнцыяльна закінутага чалавека

А. А. Любчанка Аспірант,

УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”,

г. Мінск, Беларусь

 

Віктар Казько з’яўляецца адным з вядучых беларускіх пісьменнікаў сваёй генерацыі, якую часта называюць “сярэднім пакаленнем” ці пакаленнем дзяцей вайны. Творам В. Казько ўласцівыя аўтабіяграфічнасць, глыбокі псіхалагізм і філасофская напоўненасць, а таксама пастаянны зварот да актуальных праблем чалавецтва, у тым ліку экалагічных. Аўтабіяграфічнасць твораў В. Казько яскрава праяўляецца і ў рамане “Бунт незапатрабаванага праху” (2009), паколькі галоўны герой твора, як і сам пісьменнік, у маладым узросце спазнаў жахі вайны, пасля быў закінуты лёсам у Сібір і там пачуў покліч Бацькаўшчыны, неабходнасць вярнуцца да сваіх каранёў.

У рамане ствараецца атмасфера поўнага хаосу – ва ўзаемаадносінах людзей з іншымі, з прыродай і з самімі сабой. Дзеянне адбываецца на памежжы трох адрозных і адначасова ўзаемазвязаных вымярэнняў – мінулага, сучаснасці і будучыні. Непаслядоўная структура аповеду не заўсёды дазваляе прасачыць храналогію падзей рамана і дакладны ўзрост галоўнага героя на пэўных этапах яго жыцця.

Галоўны герой рамана, Германн Говар, які ў розныя перыяды жыцця зваўся то Жорыкам, то Юрыкам, сам па сабе з’яўляецца сімвалам закінутасці: “А ён з’явіўся сярод людзей. Трапіў у век тэхнічнай і «зялёнай» рэвалюцыі…” [1, с. 15]. Ён жыве з адчуваннем унутранай спустошанасці, бо не ведае свайго сапраўднага імя, сапраўдных бацькоў і месца нараджэння. Шмат год Германн правёў у Сібіры, дзе працаваў і жыў разам з жонкай, якую, як аказалася, таксама ведаў недасканала. Раптоўна ў яго жыцці настаў перыяд, калі ён адчуў сваю бязроднасць і адзіноту як ніколі востра. Германн усё больш і больш адчуваў здзічэласць і непрыкаянасць сваёй душы. Аўтар называе героя ёмістым словам – монстр.

Тлумачэнне, чаму В. Казько непарыўна звязаў галоўнага героя з вобразам монстра, можа быць не адно. Па-першае, сам аўтар піша: “Яго ўжо нідзе не было на зямлі, і быў ён на ёй паўсюдна” [1, с. 10]. Гэтыя словы ўказваюць на згубленасць Германна. Яго ўнутраныя пакуты і перажыванні можна лічыць тыповымі для тысяч дзяцей вайны. Экзістэнцыяльныя праблемы закінутасці чалавека і адсутнасці свабоды выбару ў часы паўсюдных кардынальных змен праяўляліся як ніколі востра, што таксама рабіла з чалавека неакрэсленую істоту, якая не магла самастойна вызначыцца з тым, дзе і кім ёй быць у жыцці. Па-другое, монстр – сімвал патаемнага ўнутранага свету, які кожны чалавек, і Германн у прыватнасці, хавае ад вачэй іншых. Па-трэцяе, “Говар лічыць сябе сапраўдным монстрам, пачварай XX стагоддзя, што ўмудрыўся без каранёў з’явіцца на зямлі і недзе ўкараніцца” [2, с. 111]. З-за сваёй бязроднасці Германн не адчувае сябе паўнапраўным чалавекам. У сваіх жа вачах ён становіцца невызначанай істотай. Германн разумее, што зможа пераўтварыцца ў свядомага чалавека, толькі вярнуўшыся да вытокаў уласнага існавання.

Яшчэ ў юнацтве Германн не адчуваў сябе ўтульна ў месцы, дзе жыў: “Так і не прырос, не прымацаваўся да таго краю, які павінен скарыць, – расце, як куст бузіны недзе ў агародзе пад Кіевам” [1, с. 44]. Ужо тады ён бачыў сябе згубленым і забытым, нібы не меў сапраўднага ўласнага дома, куды заўсёды можна было б вярнуцца, дзе для яго заўсёды знойдзецца месца. У той час Жорка, які з цягам часу стаў Юркам, яшчэ не ўсведамляў сябе монстрам. Нечакана для ўсіх ён прыняў рашэнне пакінуць бацькоўскую хату, каб згубіцца ў глыбінях Сібіры і працы: “Ён скарыўся і ўлёг у працу, як заснуў” [1, с. 51].

“Хто ж ён на самай справе, дзе і калі нарадзіўся? І ці нарадзіўся?” [1, с. 51], – такія думкі ўсё больш турбавалі Германна. Гэта было не беспадстаўна, паколькі ён памятаў: “У мінулым сваім жыцці, яшчэ вясковым, краем вуха чуў нямала плётак і нагавораў на сябе” [1, с. 51]. Тыя плёткі былі звязаны з паходжаннем Германна, з яго сапраўднымі іменем і гісторыяй. Германн падазраваў, што яго імя і прозвішча яму “падсунулі”. Аказалася, што прыёмны бацька знайшоў хлопчыка ў лесе, калі ўцякаў ад ворагаў, а сапраўднае імя Жорыка-Юрыка-Германна – Макрыян.

У рамане “Бунт незапатрабаванага праху” выяўляюцца тыповыя праблемы пакалення “дзяцей вайны”: страта сябе, адчуванне экзістэнцыяльнай закінутасці і адзінота ў пошуках уласнага “я”. Германн Говар, які быў суцэльна згубленым чалавекам, прайшоў шлях ад маральнай спустошанасці да духоўнага адраджэння праз вяртанне да вытокаў свайго існавання. У творы знаходзіць адлюстраванне матыў блукання згубленага чалавека, якое павінна скончыцца там, дзе ён нарадзіўся. Згодна з В. Казько, вяртанне да каранёў дае надзею на знішчэнне бездухоўнасці і маральны ўздым у грамадстве.

Праблема экзістэнцыяльнай закінутасці ўспрымаецца ў рамане як асабістая трагедыя чалавека, які меў няшчасце нарадзіцца не ў тым месцы і не ў той час. Разам з тым, у творы знаходзіць адлюстраванне тэма негатыўнага ўплыву чалавека на экалогію, што сімвалізуе заняпад маральных каштоўнасцей ў грамадстве. Забруджванне навакольнага асяроддзя не спрыяе развіццю чалавека. Тэхнічны прагрэс заводзіць чалавецтва занадта далёка, асоба губляе маральныя арыенціры, што вядзе да бязроднасці і спустошанасці, а значыць – закінутасці. Наяўнасць у рамане тэм жыцця і смерці, узаемаадносінаў паміж пакаленнямі, экзістэнцыяльнай свабоды чалавека і яго адчужанасці ўдакладняе і пашырае межы разважанняў аўтара пра месца чалавека ў свеце.

Бібліяграфічны спіс

1.         Казько В. Бунт незапатрабаванага праху: раман. – Мінск : Маст. літ., 2013. – 287 с.

Навасельцава Г. Абнаўленне прыёмаў паэтыкі рамана ў беларускай прозе ХХІ стагоддзя (на прыкладзе твораў Віктара Казько «Бунт незапатрабаванага праху» і Юрыя Станкевіча «Ліст у галактыку “Млечны шлях”») // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. – 2016. – № 4 (97). – С. 110–114.

Полный архив сборников научных конференций и журналов.

Уважаемые авторы! Кроме избранных статей в разделе "Избранные публикации" Вы можете ознакомиться с полным архивом публикаций в формате PDF за предыдущие годы.

Перейти к архиву

Издательские услуги

Научно-издательский центр «Социосфера» приглашает к сотрудничеству всех желающих подготовить и издать книги и брошюры любого вида

Издать книгу

Издательские услуги

СРОЧНОЕ ИЗДАНИЕ МОНОГРАФИЙ И ДРУГИХ КНИГ ОТ 1 ЭКЗЕМПЛЯРА

Расcчитать примерную стоимость

Издательские услуги

Издать книгу - несложно!

Издать книгу в Чехии